Мемарыяльны комплекс савецкім воінам і партызанам, брацкая магіла

У знак памяці воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Клецкага раёна на франтах і ў партызанскай барацьбе супраць ворага, а таксама 8505 мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі акупантамі, у 1975 г. на цэнтральнай плошчы г. Клецка па праекце архітэктараў Я.Кавалеўскага, С.Карпава, В.Рысакова быў узведзены Мемарыяльны комплекс савецкім воінам і партызанам, брацкая магіла. Узвядзенне Мемарыяльнага комплексу было непарыўна звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, бяспрыкладнага гераізму жыхароў г. Клецка і яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое супадае з часам завяршэння 1-га этапа Беларускай аперацыі 1944 года і яе састаўной часткі – Мінскай аперацыі (29 чэрвеня – 4 ліпеня 1944 года). Ініцыятарам стварэння манумента з’яўляўся тады Першы сакратар раённага камітэта партыі Вячаслаў Іосіфавіч Алёшка…

  • “Я лічыў вельмі важным, каб у гэтым мемарыяле была ўвекавечана памяць не толькі тых людзей, якія склалі галовы ў баях пры вызваленні горада, але і не забыты імёны яго жыхароў, якія загінулі ад фашысцкіх карнікаў за тры гады вайны” – успамінаў В.І.Алешка.

У 2015 г. правы бок мемарыяльнай сцяны дапоўніўся бетонным участкам з усталяванай гранітнай плітой (памятным знакам) з новымі імёнамі загінуўшых воінаў, знойдзеных у выніку пошукавай працы. Пазней у правай частцы упрытык да асноўнай сцяны ўсталявалі помнік загінуўшаму ў 1989 г. ўраджэнцу г. Клецка Апанасевічу І.А., мараку з падводнай лодкі «Камсамолец».

         Мемарыяльны комплекс адначасова выконвае не толькі ролю захавання памяці, але і фарміруе кампазіцыю цэнтральнай плошчы, у тым ліку ўпісваючыся ў экалагічнае гарадское асяроддзе за кошт існуючых зялёных насаджэнняў.