Каляндар падзей

20.04.1924
У Клецку нарадзіўся Хасень Александровіч, хімік, доктар хімічных навук, прафесар, аўтар 4 манаграфій, 145 аўтарскіх тэхнічных распрацовак.

З пачатку 1990-х гг. – актыўны ўдзельнік адраджэння татарскай культуры на Беларусі. Аўтар кнігі “Память”, прысвечанай гісторыі татарскай грамады Клецка і даследвання “Белорусско-польские татары на перекрёстках ХХ столетия”, напісанага пераважна па матэрыялах Клеччыны.

01.03.1939
У в. Межная Слабада нарадзіўся Яўген Канапля,  беларускі радыебіёлаг і біяхімік, прафесар медыцыны.  

 У 1987—2009 гг. дырэктар Інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – галоўнай навуковай установы па вывучэнні праблем Чарнобыльскай катастрофы. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. з 1986), доктар медыцынскіх навук (1976), прафесар (1984). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2004).  Памёр 14.02.2010 г. у Гомелі.

26.03.1939
Нарадзіўся Алешка Вячаслаў Іосіфавіч

“Ён быў гаспадаром – не па пасадзе, а па сутнасці сваёй. Ён бачыў далёка не таму, што глядзеў паверх галоў, а таму, што быў высокага росту – у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Летуценнік, абсалютна пазбаўлены беспадстаўнага фантазёрства, чалавек, здольны ажыццявіць самы нерэальны праект, бо абапіраўся на зусім рэальныя лічбы і разлікі, а галоўнае – на рэальных, надзейных, такіх жа шчырых і разумных людзей, як сам. Ён быў непрадказальны і загадкавы, як прышэлец. Ён быў – Алешка.”
Такія цудоўныя словы прысвяціла Вячаславу Іосіфавічу наша зямлячка, паэтэса Лілія Віктараўна Мялешка.
Нарадзіўся В.І.Алешка ў 1939г. на Случчыне. Пасля Амговіцкай школы скончыў сельгасакадэмію ў Горках, служыў у Эстоніі, працаваў у камсамольскіх і партыйных органах. З 1973 па 1983гг – першы сакратар Клецкага райкама партыі. За гэтыя 10 гадоў ён зрабіў вялікі крок наперад у развіцці розных галін у Клецкім раёне. Ён выпрацаваў свой непаўторны стыль кіравання, умеў “заразіць” ідэяй і павесці за сабой – ад мары да ажыццяўлення. Нездарма яго праца адзначана вышэйшымі ўзнагародамі – ордэнам Леніна і “Знакам Пашаны”.
Па выхадных, у турыстычных паходах Вячаслаў Алешка ніколі не разлучаўся з фотаапаратам і фотаружжом. У выніку выдаў 7 кніг пра прыроду роднай Беларусі, першая з якіх выйшла ў 1977г:
“З любоўю да прыроды”
“Покліч родных сцежак”
“Стратэгія пошуку”
“Мясціны запаведныя”
“Спатканне з лесам”
“Адзін на адзін з прыродай”
“Беларусь запаведная”
Апошнія фотаальбомы прынеслі аўтару славу фотамайстра, які глыбока і паэтычна паказаў прыгажосць і багацце роднага краю. У 1983г. В.І.Алешка быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні дзяржкамітэта па прыродных рэсурсах і ахове асяроддзя.
Вячаслаў Іосіфавіч пакінуў адметны след на Клеччыне: стэлы ў цэнтры горада, зона адпачынку за гарадскім валам, дзіцячы летні лагер “Нача”, узаконеныя помнікі прыроды – гэта менавіта яго ідэі, рэалізаваныя праекты. А Клеччына засталася ў яго кнігах, напоўненых паэзіяй і хараством. Персанальныя выставы В.І.Алешкі праходзілі ў Мінску, Полацку, Слуцку, Салігорску, Брэсце, Гародні, Вільнюсе і мелі вялікі поспех.

30.03.1949
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было прысвоена званне “Герой Сацыялістычнай Працы”…

звеннявым малочнага саўгаса “Чырвоная Зорка” Клецкага раёна Дубіне Уладзіміру Васільевічу, Мацейку Уладзіміру Пятровічу, Новіку Васілю Лук’янавічу.

14.02.1919
Пачала выдавацца першая клецкая газета “Батрак”.(Націсніце, каб прагледзець падрабязней)

14 лютага 1919 г. у мясцовай друкарні выйшаў першы нумар газеты “Батрак” – органа Клецкай валасной арганізацыі  КП(б)Б, які павінен быў адлюстроўваць “думкі і помыслы нашага беларускага селяніна”. За кароткі час выданне здабыло папулярнасць не толькі на Клеччыне, але і ў сумежных рэгіёнах. У красавіку было вырашана аб’яднаць яго са слуцкай газетай “Молат і Плуг”, пасля чаго звесткі пра “Батрака” губляюцца. На сённяшні дзень не захавалася ніводнага нумара газеты.

03.01.1969
У г. Клецку нарадзіўся Апанасевіч Ігар Алегавіч, старшы матрос, рулявы-сігнальшчык АПЛ “Камсамолец”.
Узяты морам 7 красавіка 1989 г. Падчас аварыі на падводнай лодцы “Камсамолец” Ігар дапамагаў эвакуяваць атручаных угарным газам. Прымаў удзел у пошуку месца працечкі ўгарнага газу. Атрымаўшы атручванне вокісам вугляроду, быў падняты сябрамі на мосцік, але выратаваць старшага матроса Ігара Апанасевіча так і не ўдалося. За мужнасць і самаахвярныя дзеянні, праяўленыя пры выкананні вайсковага абавязку, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР Указам ад 12 траўня 1989 года ўзнагародзіў старшага матроса Апанасевіча Ігара Алегавіча ордэнам Чырвонага Сцяга пасмяротна. Ігар Апанасевіч узнагароджаны ганаровым знакам УЛКСМ, навечна занесены ў Кнігу гонару Цэнтральнага Камітэта УЛКСМ.

10.01.1929
У в. Межная Слабада нарадзіўся Міхась Яраш, навуковец-філолаг, даследчык творчасці Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук (1958), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1980).  

Скончыў Клецкую рускую сярэднюю школу (1948), філфак БДУ (1953). З 1956 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Друкаваўся з 1955 г. Даследаваў праблемы развіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры. Аўтар прац «Драматургія Янкі Купалы» (1959), «Міхась Чарот» (1963), «Янка Купала і беларуская паэзія» (1971). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т.1-2, 1964–1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі савецкай шматнацыянальнай літаратуры» (М., 1972, т.4), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977), манаграфіі «Беларуская савецкая лірыка» (1979, у сааўт. з В.Бечыкам). Памёр 10 ліпеня 1987 г.

15.01.1934
У Клецку нарадзіўся Якуб Александровіч, эканаміст, доктар эканамічных навук (1990), прафесар, аўтар 130 навуковых прац, у тым ліку чаторых манаграфій.

Адзін з удзельнікаў распрацоўкі “Праграмы пераходу БССР да рыначнай эканомікі”, “Комплексанага прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2010 г.” і шэрага іншых распрацовак.

31.01.1949
У в. Вялікі Карацк Клецкага раёна нарадзіўся Будавей Міхаіл Сямёнавіч, беларускі мастак. Сябра саюза мастакоў Беларусі з 1985 года.

Сябра саюза мастакоў Германіі з 2002 года. Творы знаходзяцца ў музеях Беларусі, у тым ліку у НАцыянальным мастацкім музеі, у прыватнай калекцыі – краінах Еўропы і Амерыкі. Ладзіць персанальныя выставы ў Беларусі і за мяжой. Выкладчык у інстытуце сучасных ведаў імя А.Шырокава на кафедры дызайна.

22.12.1888
Нарадзіўся Лявон Радзівіл XVII нясвіжскі і  XV клецкі ардынат.

Пасля заканчэння Імператарскага Пажаскага корпуса ў Санкт-Пецярбургу служыў у Лейб-гвардыі Прэабражэнскім палку. Падчас Першай сусветнай вайны – у Генеральным штабе расійскай арміі. Лявон пазбягаў удзелу ў палітычным жыцці, пераважна  займаўся гаспадарчымі справамі. Захапляўся паляваннем і жывапісам (сам няблага маляваў). У верасні 1939 г. з усталяваннем савецкай улады Лявон быў арыштаваны. Толькі дзякуючы заступніцтву італьянскай каралевы Радзівілы змаглі выехаць у Еўропу. Лявон жыў у Лондане, пасля вайны перабраўся ў Парыж, дзе памёр у красавіку 1959 г.

26.12.1793
У в. Узнога Клецкага раёна нарадзілася Ева Зыгмунтаўна Фялінская (у дзявоцтве Вяндорф). Удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка.

За ўдзел у арганізацыі Ш. Канарскага “Садружнасць польскага народа” была саслана ў Сібір,  адкуль вярнулася ў 1844 г. Літаратурная дзейнасць Фялінскай пачалася толькі ў 1843 г. Акрамя некалькіх аповесцей, добра вядомых у свой час, яна напісала цікавыя “Успаміны з падарожжа па Сібіры” (Вільна, 1853), якія былі перакладзены на англійскую, французскую і дацкую мову. А таксама “Дзённікі” (Вільна 1860). Апошні твор з’яўляецца вельмі каштоўным па гісторыі звычаяў Літвы і Валыні ў канцы XVIII – пачатку ХІХ стст.

12.11.1823
Нарадзіўся Шпілеўскі Павел Міхайлавіч – беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст і крытык.

Аўтар кнігі “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі”, у якой сабраў цікавыя звесткі з гісторыі гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі, апісанні побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў народа. Усё гэта адносіцца і да тых старонак кнігі, дзе аўтар дзеліцца сваімі багатымі ўражаннямі пра тагачасны Клецк і яго ваколіцы.

16.11.1863
Распараджэннем дырэкцыі Мінскіх народных вучылішч , як сведчыць “Памятная кніжка Віленскай вучэбнай акругі на 1874 год” ў горадзе  Клецку было адкрыта першае народнае вучылішча.

На яго ўтрыманне з дзяржаўнай казны штогод адпускалася 200 рублёў. Навучэнцаў было 70 хлапчукоў. Першым дырэктарам быў настаўнік Канон Філіпавіч  Валодзька, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. З 1897 года дырэктарам прызначаны Іван Панкратовіч.