Пра нас

Профіль музея – гісторыя горада і раёна са старажытныў часоў і да нашых дзён, этнаграфія, краязнаўства.Найбольш значныя калекцыі: археалогія, нумізматыка, фотадакументы, дакументы, друкаваныя выданні, прадметы побыту і этнаграфіі.Асновай археалагічнай калекцыі сталі прадметы, знойдзеныя падчас раскопак 1986-1990 гг. пад кіраўніцтвам В.С.Пазднякова. Найбольш каштоўныя экспанаты: жалезнае пісала ХІ ст., калекцыя жалезных і бронзавых фібул Х-ХІ стст., пярсцёнак-сігнет з выявай грыфона ХІІ ст., візантыйская амфара ХІІ ст., калекцыя кафлі XVI-XVIII стст.У нумізматычную калекцыю ўваходзяць манеты Рэчы Паспалітай XVII-XVIII стст., Расійскай імперыі XVIII – пач. ХХ стст., еўрапейскіх краін ХХ ст. Самыя старажытныя манеты гэтай калекцыі – паўгрошы літоўскія (1492-1506 гг.) і рыжскі шылінг 1541 г. Уяўляюць цікавасць боны Клецкага гарнізона Корпуса аховы памежжа, якія выпускаліся для польскіх вайскоўцаў у 1920-я – 1930-я гг.Самы старадаўні экспанат калекцыі “Дакументы” –  арыгінал граматы караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ ад 09.01.1746 г. Сабрана вялікая колькасць дакументаў перыяда ўваходжання Клеччыны ў склад Польскай Рэспублікі (1921-1939 гг.) і нямецкай акупацыі (1941-1944 гг.).У калекцыі “Друкаваныя выданні” найбольш каштоўнымі з’яўляюцца царкоўная праваслаўная літаратура канца ХІХ – пач. ХХ стст., друкаваны Каран (меркавана 1800 года выдання, Асманская імперыя), падручнікі канца ХІХ – першай паловы ХХ стст. Сярод іх – падручнік для чытання па-арабку, выдадзены Польскім муфтыятам; падручнік Бр.Тарашкевіча “Беларуская граматыка. Выданьне шостае”.У калекцыі “Рукапісы” – рукапісны Каран на арабскай мове, 1817г., фрагмент Світка Торы, ХІХ ст.У ліку каштоўных прадметаў калекцыі “Фотадакументы” – гэта арыгінальны здымак удзельнікаў І з’езда салдацкіх і працоўных дэпутатаў арміі і тыла Заходняга фронта, які праходзіў у Мінску ў 1917 г.; рэдкі арыгінальных фотапартрэт акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага – выбітнага беларускага філолага, палеографа і этнографа, які падарожнічаў па Клеччыне падчас працы над новым томам свайго трохтомніка “Беларусы”; арыгінальны фотапартрэт князя Антонія Вільгельма Радзівіла (1833-1904), ад’ютанта трох нямецкіх імператараў, генерала прускай арміі, XVI нясвіжскага і ХІІ клецкага ардыната; фатаграфіі, зробленыя клецкімі фатографамі (1910-х – 1930-х гг.); фатаграфіі касцёла Святой Тройцы, пабудаванага ў сярэдзіне XIV ст. і разбуранага ў 1950-х гг.Нямала цікавых і ўнікальных прадметаў калекцыі «Прадметы побыту і этнаграфіі”, ганчарныя вырабы майстроў вёсак Сіняўка і Ганявічы (“сіняўская керміка”).Царкоўнае начынне, адзенне святароў з цэркваў Клецкага раёна, якія ў пачатку 1960-х гадоў былі знішчаны. Элементы малітоўнага ўбору іудзеяў (тфіліны) і мяшочкі для захоўвання рытуальных прыладаў.Галоўныя накірункі работы музея – навукова-даследчая і выставачная дзейнасць.