Інфармацыя пра Закон «Аб генацыдзе беларускага народа»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”.
Законам прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у названы перыяд.
Адначасова ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, напрыклад, пры дапамозе размяшчэння адпаведнай інфармацыі ў СМІ або ў інтэрнэце.
Рэалізацыя Закона будзе садзейнічаць недапушчальнасці скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама з’яднанасці беларускага грамадства.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа” накіраваны на справядлівую ацэнку злачынствам нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, згуртаванасці беларускага грамадства.
Ва ўстановах і арганізацыях раёна створаны і функцыяніруюць музейныя экспазіцыі, прысвечаныя увекавечванню памяці генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асноўнай мэтай з’яўляюцца фарміраванне ў маладога пакалення або’ектыўнага уяўлення пра гісторыю.
Палітыка генацыда на тэрыторыі Беларусі падчас нямецкай акупацыі
Беларусь за сваю шматвяковую гісторыю не адзін раз станавілася ахвярай іншаземных захопнікаў. Але такой жорсткай акупацыі, як гэта было ў апошнюю вайну, яна яшчэ не ведала.
Акупіраваўшы Беларусь, гітлераўцы ўстанавілі на яе тэрыторыі так званы “новы парадак” – рэжым крывавага тэрору, жудасных здзекаў і гвалту над насельніцтвам. Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, знішчэння людзей, ліквідацыі савецкага грамадства і дзяржаўнага ладу, рабавання нацыянальных багаццяў і прыродных рэсурсаў. Акупацыйны рэжым з’яўляўся сродкам правядзення ў жыццё злачыннай палітыкі германскага нацызму ў адносінах заваяваных тэрыторый і народаў.
Масавае знішчэнне мірнага насельніцтва практыкавалася акупантамі з першых дзён вайны. Асабліва шырока яно вялося ў час карных экспедыцый, калі знішчаліся цэлыя вёскі з насельніцтвам. З набліжэннем лініі фронту да Беларусі гітлераўскае камандаванне імкнулася правесці ў жыццё тактыку “выпаленай зямлі”, але актыўныя дзеянні партызан перашкодзілі гэтаму.
Трагедыя вёскі Колкі.
11 верасня 1942 вёска Колкі была дашчэнту знішчана гітлераўцамі. Гэта адбылося на досвітку. Многія яшчэ спалі. Толькі дзе-нідзе руплівыя жанчыны пачыналі гаспадарыць на кухні. Яны першыя і пачулі шум матораў. Дарога паміж вёскамі Морач і Колкі была разбітай, гразкай, таму машыны ішлі павольна, часта прыпыняліся. Толькі гэтая акалічнасць і ўратавала частку людзей ад пагібелі. Шум матораў стаў узмацняцца. Учуў яго і Васіль Андрэевіч Рамашка, які, не губляючы часу, пачаў будзіць усіх жыхароў. Людзі пачалі ўцякаць у лес. Неўзабаве гітлераўцы акружылі вёску. Тых, хто не паспеў уцячы, вывелі з дамоў на шырокую вуліцу. Жанчын і дзяцей загналі ў балота. А мужчын, 32 чалавекі, пастроілі ў шарэнгу і пасля непрацяглага допыту пачалі расстрэльваць. Заводзілі па два чалавекі ў гумно, рабілі сваю чорную, справу, а затым заводзілі наступных дваіх. Пасля расстрэлу запалілі гумно і ўсю вёску. З трыццаці двух расстраляных дваім пашчасціла ўцалець. Калі загарэлася гумно, абодва яны, параненыя, выламілі дзве дошкі ў сцяне, вылезлі ў агарод і за дымам схаваліся.
У гэты час сям’я Максімені, жонка і двое дзяцей, была расстраляна ў сваёй хаце. Яны былі знойдзены карнікамі ў пограбе.
Уцалелыя жыхары вёскі жылі ў лесе, у зямлянках. Стварылі атрад самаабароны. З прыходам на тэрыторыю колкінскага лесу партызанскай брыгады № 18 імя М.В.Фрунзе (студзень 1944 года) атрад самаабароны ўліўся ў склад гэтай брыгады асобным атрадам.
У 1966 годзе на магіле пастаўлены абеліск і стэла з імёнамі загінуўшых.
Масавае знішчэнне габрэйскага насельніцтва на Клеччыне.
Адной з самай жудасных праяў акупацыйнага рэжыму быў генацыд у дачыненні да габрэйскага насельніцтва. У Клецкім раёне за гады акупацыі было знішчана звыш 6000 габрэяў (да пачатку Вялікай Айчыннай вайны жыхары габрэйскай нацыянальнасці складалі 70% з агульнай колькасці насельніцтва Клеччыны).
Расстрэлы габрэйскага насельніцтва пачаліся з першых дзён акупацыі. Ужо ў жніўні 1941 г. у в. Заастравечча і Сіняўка былі вынішчаны мясцовыя габрэі.
30 кастрычніка 1941 году каля Пакроўскай царквы г. Клецка было расстраляна больш за 4000 габрэяў (пераважна жанчыны, дзеці, старыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі).
Старых жанчын і дзяцей пад канвоем адводзілі партыямі на ўскраіну горада, радамі ўкладвалі ў яму і расстрэльвалі з кулямётаў. Дзяцей калолі штыкамі і жывымі скідвалі ў яму. За адзін дзень у горадзе было знішчана 4 500 чалавек. (“У рове каля хрысціянскіх могілак выяўлена сем брацкіх магіл… У шостым пахаванні, размешчаным асобна, былі знойдзены целы 48 дзяцей ва ўзросце ад 2-х месяцаў да 15 гадоў, некаторых з іх, па сведчаннях сведак, закапалі жывымі…”)
Астатнія, каля 1 500 найбольш працаздольных чалавек, былі заключаны ў гета і выкарыстоўваліся на самых цяжкіх працах. 22 ліпеня 1942 г. было знішчанае гета. Амаль усе яго вязні загінулі ад кулі або згарэлі ў агні. Толькі некаторым пашчасціла ўратавацца.
Каб надаць больш арганізаваны і эфектыўны характар катаванням і вынішчэнню савецкіх людзей, гітлераўцы стварылі на тэрыторыі Беларусі сістэму канцэнтрацыйных лагераў і турмаў, дзе без суда і вызначэння тэрмінаў зняволення знаходзіліся дзясяткі тысяч чалавек.
Месцы зняволення падзяляліся на лагеры смерці для ваеннапалонных (дулагі, шталап, афлагі), для цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, жаночыя лагеры, перасыльныя лагеры СС, штрафныя гета) і іншыя. Усяго на тэрыторыі Беларусі было больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным на часова акупіраванай тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго СССР з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці (каля Мінска), дзе было знішчана 206 500 чалавек. Гэта чацвёрты па колькасці ахвяр, загінуўшых ад фашыстаў, лагер пасля Асвенцыма, Майданэка, Трэблінкі.
Лагер смерці «Калдычэва».
Вясною 1942 г., трохі ў баку ад дарогі, што ідзе з Баранавічаў на Гарадзішча, вялікая пляцоўка была абнесена некалькімі радамі калючага дроту і глыбокімі рвамі, за якімі з’явіліся драўляныя баракі. Побач паўсталі спецыяльна абсталяваныя кулямётныя гнёзды і памяшканні для варты. Так пачыналася гісторыя аднаго з самых страшных лагераў смерці ў акупіраванай Беларусі. Першымі яго вязнямі сталі зняволеныя перапоўненых турмаў з Баранавічаў і Стоўбцаў. Адсюль у Калдычэва даставілі прыкладна чатыры сотні чалавек. З таго часу больш чым два гады гэта слова наганяла жах на жыхароў сумежных раёнаў. З тысяч тых, хто сюды трапляў, толькі адзінкам пашчасціла выйсці жывымі.
Сюды кідалі партызанскіх сувязных, падпольшчыкаў і іх блізкіх, яўрэяў і цыган, сялян і настаўнікаў, маладых і старых. Вязні размяшчаліся ў вялікім хляве для жывёлы, абсталяваным трохяруснымі нарамі. Людзі спалі на голых дошках або проста на падлозе. Ніякай пасцельнай бялізны не было. Жанчыны і дзеці знаходзіліся ў асобным бараку, аднак умовы ўтрымання заставаліся такімі ж, як у мужчын. Баракі заўсёды былі перапоўнены, у лагеры ў розныя перыяды знахо¬дзілася адначасова ад 600 да 900 вязняў, таму некаторую іх частку трымалі ў падвале камендатуры на халоднай цэментнай падлозе.
Спачатку Калдычэва функцыяніравала як працоўны лагер. Праца пачыналася ў 6-7 гадзін раніцы і працягвалася да заходу сонца. Да ўсіх былі даведзены нормы выпрацоўкі на тарфяніках. Мужчына павінен быў вынесці з балота 1550 кавалкаў торфу штодня, жанчына – 1150. Норма распаўсюджвалася і на хворых, і на здаровых. За прамаруджванне, невыкананне нормаў людзей жорстка збівалі і пазбаўлялі ежы. Тых, хто больш не мог працаваць, расстрэльвалі на месцы. Кармілі вязняў баландой з буракоў, бульбяных лупін і мяса з дохлых коней, давалі хлеб з рознымі прымесямі. Кожны дзень хто-небудзь падаў мёртвым ад голаду і хваробаў. У студзені 1943 г. за некалькі дзён у лагеры памерла звыш 30 чалавек. Але рэгулярна прыбывалі новыя групы вязняў.
Неўзабаве Калдычэва ператварылася ў выключна знішчальны лагер. Цяжкая праца стала адным са спосабаў забойства. Акрамя таго, выкарыстоўваліся самыя розныя метады катавання і знішчэння: вязняў труцілі выхлапнымі газамі ў спецыяльнай машыне-душагубцы, палілі ў крэмацыйнай печы, марылі голадам, расстрэльвалі, даводзілі да смерці катаваннямі і нялюдскімі здзекамі. Існавала нават спецыяльная камера для катаванняў. Успаміны тых, хто прайшоў праз гэта пекла, нармальнаму чалавеку немагчыма чытаць спакойна. Не стану тут прыводзіць падрабязнасці. Калі нехта хоча аб іх даведацца, няхай знойдзе кнігу Г.Паромчык “Калдычэўская трагедыя”, выдадзеную ў Мінску ў 1962 г. А мы зададзімся пытаннем: хто тварыў усе гэтыя здзекі над безабароннымі людзьмі? Немцы? Не! У лагеры быў толькі нямецкі камендант унтэр-афіцэр Франц Іорн і некалькі яго салдат (ад 2 да 4). Іорн аддаваў загады, але выконвалі іх іншыя. Жаўнеры 13-га беларускага батальёна СД. 99 чалавек. Ва ўмовах вайны гэтыя маладыя хлопцы з вёсак і мястэчак хутка ператварыліся ў сапраўдных звяроў, прагных да крыві.
Батальён стварылі ў студзені 1943 г. у Мінску. Некаторая частка яго байцоў была прымусова мабілізавана, але хапала і тых, хто пайшоў у паліцыю дабраахвотна. Менавіта з такіх дабраахвотнікаў і складалася ахова Калдычэўскага лагера. Спачатку яе ўзначальваў Бобка, а пасля – Мікалай Калько. Так ужо сталася, што лёс гэтага ката аказаўся цесна звязаны з нашым горадам. Ураджэнец вёскі Быхаўшчына, Калько да вайны працаваў на будаўніцтве дарог, а з пачаткам акупацыі быў прызначаны тэхнікам дарожнага аддзела Клецкай павятовай управы. Тут ён звярнуў на сябе ўвагу немцаў жорсткімі адносінамі да яўрэяў. Неўзабаве яго накіравалі ў Мінск, у афіцэр¬скую школу, а потым, прысвоіўшы званне лейтэнанта, – камандзірам звяза 13-га батальёна. Калько ўдзельнічаў у баях з партызанамі, займаўся вярбоўкай людзей у батальён. Вясной 1943 г. ён прыехаў у Клецк, дзе завербаваў 25 чалавек. Часта наведваў Капланавічы, тут працаваў кавалём яго брат. Мясцовыя людзі добра запомнілі Калько, які заўсёды хадзіў у чорнай форме і шапцы з вялікай какардай – чэрап і скрыжаваныя косці. У сакавіку 1944 г. яго прызначылі камендантам аховы Калдычэўскага лагера. Гэты страшны чалавек адрозніваўся хворай фантазіяй ката і асабістай помстлівасцю. Ён нікому не ўмеў дараваць, памятаў нават даўнія крыўды і цяпер зводзіў асабістыя рахункі.
Вясной 1944 г. у Калдычэва прывезлі 92-гадовага настаяцеля Ёдчыцкай царквы Аляксандра Валасовіча. Яго сын і нявестка былі ў партызанах. У лес прапаноўвалі пайсці і старому, але ён адмовіўся, не хацеў ні для каго станавіцца абузай і замест ляснога лагера апынуўся ў лагеры смерці. Па ўспамінах сведкаў бацюшка трымаў сябе годна, суцяшаў таварышаў па няшчасці, благаслаўляў тых, хто да яго звяртаўся. Расказвалі, што аднойчы з калоны вязняў, якую гналі на расстрэл, вырвалася дзяўчына і падбегла да Валасовіча з крыкам: “Бацюшка, благаславіце на смерць!”. У адказ пачула: “Дзіця, благаслаўляю цябе на жыццё!”. І здарыўся цуд: яна выжыла пад час расстрэлу. Раненая ўпала на дно ямы, а ноччу здолела выбрацца з-пад трупаў і ўцячы. А вось сам Аляксандр застаўся ў Калдычэва навечна.
Усяго ж у лагеры загінула каля 22 тысяч чалавек. Апошні вялікі расстрэл адбыўся за некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. У энцыклапедыях і даведніках указана, што гэта было 30 чэрвеня 1944 г. Аднак С.Новік-Пяюн называе іншую дату – ноч з 1 на 2 ліпеня. Няма падстаў не давяраць чалавеку, які прайшоў усе кругі лагернага пекла і якому дата апошняга расстрэлу назаўсёды ўрэзалася ў памяць. Перад сваім адыходам ахова ўзарвала ўсе памяшканні, зраўняла з зямлёй насыпы на месцы пахаванняў і засеяла іх травой. Усё рабілася, каб схаваць сляды злачынстваў. На нейкі час гэта ўдалося. Каты з 13-га батальёна пазбеглі пакарання. М.Калько апынуўся ў Польшчы, працаваў тэхнікам-будаўніком чыгуначных мастоў. У 1947 г. ваенны трыбунал Паўночнай групы войскаў асудзіў яго за службу ў немцаў на 25 гадоў. Але пра зверствы ў Калдычэва яшчэ нічога не было вядома. Адсядзеўшы 8 гадоў у лагерах Комі АССР, паліцай трапіў пад амністыю і за¬стаўся жыць у Варкуце.
Летам 1960 г. ён прыехаў да бацькоў, наведаўся і ў Клецк. Тут на базары яго ўбачыла Яўгенія Якімовіч з Дзямідавіч, былая зняволеная Калдычэўскага лагера. У першую хвіліну жанчына не змагла паверыць, што кат і забойца стаіць проста перад ёй у цывільным гарнітуры. Усё яшчэ не верачы вачам, жанчына запытала: “Вы Калько?”. “Так”. “Вы былі ў Калдычэва?”. “Быў.” “Ваш касцюм увесь у крыві! Пойдзем да пракурора!”. Калько нібыта падпарадкаваўся, зайшоў з ёю за вугал, а потым моцна ўдарыў кулаком і ўцёк. Акрыяўшы, Я.Якімовіч пайшла ў міліцыю. Запрацавала следства, Калько пачалі шукаць. Высветлілася, што ў Варкуце ён працаваў намеснікам начальніка шахты і нават быў узнагароджаны як ударнік працы. Неўзабаве следства выйшла і на яго паплеч¬нікаў па злачынствах. У 1962 г. у Баранавічах на лаве падсудных апынуліся М.Калько, яго намеснік Л.Сянкевіч, ахоўнікі М.Кухта і А.Каралевіч. Апошні па¬спеў паваяваць у Савецкай Арміі і атрымаць медаль “За перамогу над Германіяй”.
Гэта быў адзін з найбольш гучных працэсаў над ваеннымі злачынцамі ў БССР. У якасці сведкаў было выклікана і дапытана 62 чалавекі з ліку былых вязняў. Сямёра з іх прыехалі з Клецкага раёна. Тут нарэшце прагучала ўся праўда пра Калдычэўскі лагер. Толькі праз 18 гадоў злачынцы атрымалі па заслугах. Усім чатыром быў вынесены смяротны прыгавор. А ў 1964 г. на месцы лагера быў пастаўлены помнік ахвярам тэрора.
Трагічны лёс братоў Хільтовых
Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны складалася не толькі з вялікіх бітваў, але і з мільёнаў чалавечых лёсаў. Невядомыя старонкі гэтай чалавечай гісторыі незлічоныя, але час ад часу ўтоенае вырываецца вонкі з цемры забыцця. І сёння, дзякуючы чалавечай памяці, захоўваецца гісторыя хрысціянскага подзвігу і пакутніцтва святароў – братоў Георгія і Мікалая Хільтавых.
З красавіка 1942 года Мікалай Хільтаў быў сувязным партызанскага атрада ім. Р.Катоўскага 300-й брыгады ім. К.Варашылава. Яго дом быў адначасова і шпіталем, і базай адпачынку, і складам зброі. Партызаны прыязджалі сюды па некалькі разоў на тыдзень. Рэгулярна спыняліся групы падрыўнікоў перад выхадам на чыгуначную лінію Гарадзея-Баранавічы. Айцу Мікалаю ва ўсіх справах дапамагала жонка Наталля. Паколькі яе бацька быў цяжка хворы, яна валодала асновамі медыцынскіх ведаў, якія аказаліся вельмі дарэчы для аказання дапамогі параненым. Да падполля далучыліся нават дачкі Кіра і Надзея. Яны дапамагалі рабіць перавязкі, распаўсюджвалі ўлёткі і паведамленні Саўінфармбюро ў Клецку і Нясвіжы.
Брат айца Мікалая, святар Клецкай Пакроўскай царквы Рыгор Хільтаў арганізаваў збор прадуктаў для ваеннапалонных. Кожны тыдзень з Пакроўскай царквы ў лагер везлі хлеб, бульбу, сала і яйкі. Толькі ў канцы 1943 года, пасля двух арганізаваных уцёкаў ваеннапалонных, немцы забаранілі гэтую дапамогу. У пачатку 1942 года групу сірот з Мінска, у тым ліку яўрэяў, перавялі ў Клецк. Каб выратаваць дзяцей, Рыгор Хільтаў хрысціў іх і аформіў неабходныя дакументы.
6 красавіка 1944 года па даносу здрадніка былі арыштаваны айцец Мікалай і яго брат Георгій. Праз некаторы час іх жонкі Наталля і Лідзія аказаліся ў Калдычэўскім канцлагеры.
Бацьку Мікалая пасля доўгіх катаванняў жыўцом спалілі, прывязаўшы да жалезнага ложка, а жонку неўзабаве расстралялі. Літаральна за некалькі дзён да вызвалення былі забітыя таксама айцец Георгій і яго жонка Лідзія.
Злачынствы акупантаў на Беларусі па сваёй масавасці і страшэннай літасці не маюць сабе роўных у гісторыі.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа” накіраваны на справядлівую ацэнку злачынствам нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, згуртаванасці беларускага грамадства.
Ва ўстановах і арганізацыях раёна створаны і функцыяніруюць музейныя экспазіцыі, прысвечаныя увекавечванню памяці генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асноўнай мэтай з’яўляюцца фарміраванне ў маладога пакалення або’ектыўнага уяўлення пра гісторыю.
Добавить комментарий