Каляндар падзей

Пачаліся работы па ўборцы і ачыстцы горада ад лома, слядоў пажарышч і разбураных дамоў, выбарцы цэглы з мэтай прывядзення Клецка ў культурны выгляд пасля вайны.

Падчас мітынгу, прысвечанага 45-годдзю Перамогі, у Сіняўцы быў урачыста адкрыты новы помнік на брацкай магіле ў гонар землякоў і воінаў-вызваліцеляў. Ініцыятарам яго ўзвядзення стаў старшыня Савета ветэранаў Л.Канявега. Вялікую падтрымку ў гэтай справе аказалі старшыня калгаса імя Чкалава М.Кендыш, дырэктар мэблевай фабрыкі В.Каленчыц, інжынер-будаўнік фабрыкі В.Богдан. Новы помнік зрабілі за два з паловай месяцы. А 9 Мая да яго ўпершыню ўсклалі жывыя кветкі.

Баранавіцкім аблвыканкамам была зацверджана Пастанова Клецкага райвыканкама аб арганізацыі Клецкай машынна-трактарнай станцыі (МТС), якую было вырашана размясціць у былой сядзібе Бравароўшчына.

Рашэннем  Клецкага гарадскога Савета народных дэпутатаў у сувязі з 35-годдзем дня Перамогі і ўлічваючы заслугі воінаў і партызан у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі  былі перайменаваны вуліцы ў г. Клецку: вуліца Зялёная перайменавана ў гонар камандзіра партызанскага спецыяльнага атрада “Сокалы” Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Арлоўскага Кірыла Пракофьевіча, партызанскі атрад якога дзейнічаў на тэрыторыі Клекага района;

вуліца Лугавая перайменавана ў гонар генерал-маёра Данілава Міхаіла Мацвеевіча былога камандзіра 54-й гвардейскай стралковай дывізіі, якая вызваляла Клецкі раён у ліпені 1944 года; вуліца Сіняўская перайменавана ў гонар генерал-маёра Макаўчука Мікалая Мацвеевіча, ураджэнца Клеччыны, былога камандзіра 48-й гвардзейскай дывізіі; вуліца Слабадская перайменавана ў гонар Кітчанкі Паўла Сямёнавіча, Героя Савецкага Саюза, былога камандзіра першага танкавага батальёна 219-й танкавай брыгады, якая вызваляла горад Клецк у ліпені 1944 года.

Адбылася сустрэча саюзных войск на Эльбе. З савецкага боку ў ёй браў удзел лейтэнант Аляксандр Сафронавіч Сільвашка. Пасля вайны А.Сільвашка працаваў у сістэме народнай адукацыі ў Зельвенскім і Іўеўскім раёнах. З 1971 г. – на Клеччыне. Быў дырэктарам Бабаеўскай, Колкаўскай, Комлеўскай васьмігадовых школ. Апошнія гады жыў у в. Морач. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, 17 медалямі.  Памёр 26 студзеня 2010 г.

Выйшаў загад народнага камісара ўнутраных спраў БССР №115 аб назначэнні начальнікам Клецкага УНКВД лейтэнанта міліцыі Аляксандра Сяргеевіча Дзянісава. Першае дакументальнае ўпаміннане раённага аддзела ўнутраных спраў.

У в. Арда нарадзіўся Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык,  беларускі вучоны-радыёфізік, грамадскі дзеяч, педагог. Доктар фізіка-матэматычных навук (1988г.), прафесар (1990г.), член-карэспандэнт  Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Аўтар звыш 170 навуковых прац,  у тым ліку 1 манаграфіі і 42 вынаходніцтваў. З 1972 па 1990гг. працаваў у Навукова-даследчым інстытуце прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі пры БДУ. З 1990г. быў прарэктарам БДУ,  загадчыкам кафедры. З лістапада 2001 да сакавіка 2003г. – рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З сакавіка 2003г. – рэктар БДПУ імя М.Танка. Памёр 2 сакавіка 2014 г.

У Нясвіжы нарадзіўся Мікалай Радзівіл па мянушцы Чорны – дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. У 1547 г. атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі “на Алыцы і Нясвіжы”. Займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады канцлера ВКЛ (з 1550 г.) і віленскага ваяводы (з 1551 г.), кіраваў ажыццяўленнем аграрнай рэформы (валочнай памеры) у дзяржаўных маёнтках, удзельнічаў у войнах з Маскоўскай дзяржавай 1534 – 1537 гг. і 1558 – 1582 гг., спрыяў далучэнню Лівоніі да Вялікага Княства. У 1550-я гг. князь спрыяў распаўсюджванню кальвінізма. Адчыніў пратэстанцкія друкарні ў Берасці і Нясвіжы. Пры яго садзейнічанні была надрукавана “Берасцейская Біблія” (1563 г.) і “Катэхізіс” (1562 г.) – першая друкаваная кніга на беларускай мове ў межах сучаснай Беларусі. Валодаў значнымі латыфундыямі ў Беларусі (Нясвіж, Здзітаў, Шацк, Узда, Лахва, Нягневічы, Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы), на Валыні (Алыка), у Польшчы (Шыдловец). Памёр 28/29 мая 1565 г. у сваім Лукішкінскім палацы каля Вільні.

На плошчы Маякоўскага, паміж вуліцамі Слонімскай і Заранаўскай адкрыўся новы ўніверсальны магазін. У першы дзень работы толькі адзін аддзел тканін атрымаў выручку ў суме 23 000 рублёў.

у в. Янавічы Клецкага раёна нарадзіўся Шастак Канстанцін Адамавіч – Герой Сацыялістычнай Працы. Скончыў Беларускі сельскагаспадарчы тэнікум (1974). Працоўную дзенасць пачаў у 1952 г. у калгасе “Памяць Леніна”. З 1960 па 1976 працаваў загадчыкам жывёлагадоўчай фермы “Чырвоная Зорка” племзавода “Чыроная Зорка”. За перыяд яго работы ферма “Чырвоная Зорка” неаднаразова выходзіла пераможцам у спаборніцтвах раёна і вобласці. Узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Леніна. Памёр у 2013 годзе.

Быў утвораны Клецкі раён у складзе Баранавіцкай вобласці у выніку новага тэрытарыяльна-адміністрацыйнага падзелу Заходняй Беларусі.

Быў падпісаны ліст князем Фёдарам Іванавічам Яраславічам баярыну Фёдару Шчэпе на Навадворскае поле замест яго поля на Лукаўцы, прызначанага служэбніку Аляксандру Някрасу. Дакумент, па адзнакам архівістаў, адносіцца да ліку ўнікальных. Электронная копія дадзенага дакумента захоўваецца ў ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”

Нарадзіўся Кірыл Пракопавіч Арлоўскі. Партызан і гаспадарчы дзеяч. Двойчы Герой Савецкага Саюза. Выконваў спецыяльныя заданні ў Іспаніі і Кітаі. Двойчы лёс закідваў яго на Клеччыну. На пачатку 1920-х гг. Арлоўскі партызаніў тут пад мянушкай  атамана Мухі-Міхальскі. А ў 1942-1943 гг. узначаліваў дыверсійны атрад галоўнай базай якога быў Машукоўскі лес. У гонар Арлоўскага названа адна з вуліц Клецка.

У м. Азарычы (Бабруйскі павет, Мінская губернія) нарадзіўся Трыкоўскі Мікалай Сямёнавіч – расійскі і савецкі ваенчальнік, генерал-лейтэнант (1917), тройчы георгіеўскі кавалер (1905, 1906, 1915), адзначаны дзесяцю ордэнамі і залатой зброяй.  Пасля смерці бацькі, маці, Надзея Ігнатаўна, з красавіка 1868 г. служыла прасфорніцай пры Свята-Мікалаеўскай царкве ў мястэчку Сіняўка Слуцкага павета. Менавіта тут прайшло дзяцінства будучага генерала. “Сіняўскую сельскую школу” ён згадваў у якасці першай прыступкі сваёй адукацыі. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю і Рыжскае пяхотнае юнкерскае вучылішча. Удзельнік руска-японскай вайны 1904-1905 гг. Падчас І сусветнай вайны камандзір 104-га пяхотнага Усцюжскага князя Баграціёна палка, камандзір брыгады 3-й Сібірскай стралковай дывізіі, камандуючы 3-й Сібірскай стралковай дывізіі. Пасля лютаўскіх падзей 1918 г.  займаў пасаду ваеннага кіраўніка Стара-Рускага чырвонаармейскага атрада, пасля быў загадчыкам Цвярской публічнай бібліятэкі. Працаваў выкладчыкам тактыкі ў 9-й Цвярской кавалерыйскай школе (1920), выкладчыкам Вышэйшай тактыка-стралковай школы па методыцы навучання і выхавання войскаў (1923). Памёр 16 сакавіка 1926 г. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

Абвешчана мабілізацыя ніжніх запасных чыноў Слуцкага павета для адпраўкі на руска-японскую вайну. На Клеччыне пра тыя падзеі нагадвае абчэсаны помнік-валун у Галынцы на месцы, дзе маці і жонкі чакалі сваіх блізкіх з руска—японскай, а потым і з І сусветнай войнаў. Камень быў пастаўлены замест драўлянага крыжа, усталяванага ў памяць пра тых, хто не вярнуўся з Маньчжурыі.

Утвораны Клецкі лясгас. Спачатку сядзіба лясной гаспадаркі знаходзілася ў Нясвіжы і толькі ў 1960-я гг. пераехала ў Клецк. Першым кіраўніком гаспадаркі быў Іосіф Іванавіч Барташ, а ў склад лясгаса ўваходзіла 4 лясніцтва – Вінклераўскае, Навінкаўскае, Нясвіжскае і Хамінкаўскае. Пра лёс І.Бараташа ў гады вайны нічога невядома. Захаваўся апошні падпісаны ім загад ад 22 чэрвеня 1941 г. аб тым, што ён выязджае ў камандзіроўку па “мабілізацыйным справам у раён”. Пасля вызвалення, лясную гаспадарку ўзначаліў Іван Міхайлавіч Талецкі.

У Клецк прыбыла дэлегацыя ўльтраартадаксальных яўрэяў з ЗША, Мексікі, Ізраіля, Украіны і Беларусі. Мэтай візіта стала наведванне будынку былой іешывы і правядзення там урока Торы (публічнае вывучэнне тэкста Пяцікніжжа Маісеева).

У в. Панкратавічы нарадзіўся Апанасевіч Іван Іванавіч,  удзельнік грамадзянскай і савецка-польскай вайны, Ганаровы чэкіст. У 1919 г. – справавод Клецкага валаснога рэвалюцыйнага камітэта. У тым жа годзе прызваны ў шэрагі РККА. У 1919-1921 гг. удзельнічаў у барацьбе з бандытызмам на Смаленшчыне, быў Клецкім валасным ваенным камісарам, арганізоўваў партызанскі рух у польскім тыле. У 1920-1940-я гг. служыў у памежных войсках у Беларусі і Сярэдняй Азіі; войсках НКВД на Далёкім Усходзе.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалямі, імянной зброяй. Памёр 02.11.1964 г.

Па ініцыятыве князя Лявона Радзівіла і яго жонкі Соф’і (народжанай Урусавай) былы дамініканскі касцёл быў перададзены ў праваслаўнае ведамства і асвечаны ў імя Васкрашэння Гасподняга.

Дзень памінавення 23 святых новапакутнікаў Мінскай епархіі, што загінулі ў 1-й палове ХХ ст., сярод якіх святыя новапакутнікі Іаан Панкратовіч (ураджэнец г. Клецка) і Мацей Крыцук (ураджэнец в. Карацк Клецкага раёна)

Ян Альбрыхт Радзівіл выдаў фундуш, які заснаваў шпіталь пры касцёле Святой Тройцы. Згодна з дакументам штогод шпіталю павінна было выдаткоўвацца 30 злотых, пэўная колькасць бочак ячменю, жыта, грэчкі. Бясплатна выдзялялася мяса і дровы. Права прызначыць двух “старшых шпітальных” князь пакінуў сабе.

01.09.1924
Пачаліся заняткі ў Клецкай беларускай гімназіі. У 1-4 кл. за парты селі 58 юнакоў і дзяўчат, пераважна жыхароў Клеччыны і суседняга Стаўбцоўскага павета.

Першы выпуск адбыўся ў 1929г. Гімназія дзейнічала да 1931г. Была закрыта дэкрэтам Прэзідэнта Рэчы Паспалітай з-за распаўсюджання сярод яе навучэнцаў камуністычных ідэй.

01.09.1979
Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей прыняў першых наведвальнікаў. Першыя прапановы па арганізацыі ў Клецку гісторыка-краязнаўчага музея былі зроблены энтузіястамі яшчэ напрыканцы 1950-х гадоў.

Ініцыятарамі сталі супрацоўнік міліцыі Васіль Абрамовіч, настаўнік геаграфіі Дарафей Чорны і дырэктар Клецкай школы Анатоль Фінскі. Матэрыялы збіраліся школьнікамі, сябрамі таварыства “Юны краязнаўца” падчас турыстычных паходаў і вандровак па раёну. У 1961г. у Клецкай школе была адкрыта першая музейная экспазіцыя. Праз нейкі час побач са школай сіламі вучняў пачалося будаўніцтва асобнага памяшкання для музея, узорам для якога стаў паляўнічы домік з палацавага комплекса Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Будаўніцтва ішло амаль 10 гадоў.

23.09.1924
У Клецку нарадзіўся Чорны Дарафей Максімавіч. Усё сваё жыццё, акрамя пяці гадоў службы ў Савецкай Арміі, правёў у Клецку.

У войску з 1944г. Штурмаваў Кенігсберг, пасля ваяваў на Далёкім Усходзе. Пасля вайны працаваў настаўнікам геаграфіі, астраноміі і малявання ў Клецкай школе. Дарфей Максімавіч быў адным са стваральнікаў і першым дырэктарам Клецкага гісторыка-краязнаўчага музея. Памёр  21.08.1997г.

15.08.1944
Адкрыўся пункт нарыхтоўкі збожжа. Гэта дата заснавання Клецкага камбікормавага завода.

24.08.2014
У Клецку і в. Садовая адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне мемарыяльных дошак, якія ўвекавечваюць пакутніцкі подзвіг святароў Георгія і Мікалая Хільтовых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

27.08.1924
У в. Сіняўка Клецкага раёна нарадзіўся Мурашка Леанід Адамавіч, оперны спявак і педагог, заслужаны артыст Літоўскай ССР (1974), заслужаны дзеяч мастацтваў Літоўскай ССР (1984).

Лаўрэат Усесаюзнага конкурса вакалістаў у Маскве (1956), Лаўрэат Міжнароднага конкурса вакалістаў у Таліне (1964).  З 1944 па 1947 – саліст Дзяржаўнага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. У 1946-1955 і 1962-1976 гг. – саліст Літоўскай філармоніі. Саліст Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Літоўскай ССР (1950-1962, 1975-1988). З 1990г. і да канца жыцця – рэгент Хора Свята-Духава манастыра ў Вільнюсе. Л.Мурашка быў уганараваны царкоўным ордэнам Святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага. Памёр 9 сакавіка 2009 г. у Вільнюсе.

04.07.1944
Вызвалены г. Клецк войскамі 1-га Беларускага фронта ў ходзе Мінскай наступальнай аперацыі.

18.07.1929
У Клецку нарадзіўся Ісмаіл Мустафавіч Александровіч – інжынер-праектыроўшчык будаўнічых канструкцый, інжынер у цывільным будаўніцтве.  Актыўны ўдзельнік татарскага нацыянальна-культурнага руху, былы старшыня праўлення Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, з 1994 па 2005 муфтый.

У 1953 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны палітэхнічны інстытут. У сям’і атрымаў ісламскую адукацыю. У 1954-1956 гадах працаваў майстрам будоўлі ў Магнітагорску, старшым начальнікам работ і галоўным інжынерам Упраўлення будаўніцтва Чэлябінскай вобласці РСФСР. У 1957-1961 гадах скончыў аспірантуру ў Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1961-1986 гадах працаваў інжынерам, старшым інжынерам аб’яднання «Аргтэхбуд» у Мінску. У 1989 годзе выйшаў на пенсію.

Узнагароджаны бронзавымі медалямі ВДНГ СССР (1969, 1974, 1978), медалямі «За доблесную працу» (1970), «За працоўную доблесць» (1974), «Ветэран працы» (1986) і інш.

20.07.1919
У в. Блячына Клецкага раёна нарадзіўся Кулага Георгій Вікенцьевіч, беларускі вучоны-рэўматолаг, доктар медыцынскіх навук (1977), прафесар (1978). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1952).

Асістэнт кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута (1957-1960). Дацэнт (1960-1963), загадчык (1963-1986), прафесар (1986-1990) кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Гродзенскага медыцынскага інстытута. Працаваў над праблемамі лячэння хворых актыўным рэўматызмам, вывучаў сасудзістую паталогію – гіпертанічную хваробу і гіпатанічныя станы. Пмёр 25 студзеня 1990 года.

05.06.1919
у баі з польскімі легіянерамі пацярпеў паражэнне партызанскі атрад Маісея Кухарчыка. Загінуў камандзір і некальки байцоў. М.Кухарчыка пахавалі на сваёй радзіме – у в. Зарытава (Ляхавіцкі раён).

Атрад узнік вясной 1919 г. і налічваў каля 120 чалавек, пераважна жыхароў Клеччыны і Ляхавіччыны, дыслацыраваўся ў раёне вёсак Арда, Даматканавічы, Падлессе. За кароткі час партызаны паспелі правесці шэраг паспяховых баявых аперацый.

06.06.1684
Адбылося асвячэнне дамініканскага касцёла Найяснейшай Дзевы Марыі ў Клецку.

Ён размяшчаўся побач з уніяцкай Васкрасенскай царквой на Рыначнай плошчы. Такое суседства дзвюх святынь падкрэслівала верацярпімасць беларусаў.

24.06.1794
У Расійскай імперыі была ўведзена мяжа “яўрэйскай аседласці” у якую ўваходзілі Полацкая, Магілёўская і Мінскія губерні.

Гэта прывяло да празмернай канцэнтрацыі яўрэяў у гарадах і мястэчках Беларусі. Аж да Другой сусветнай вайны яны складалі большасць насельніцтва Клецка.

30.06.1944
Аддзелы першай Украінскай дывізіі (пяхотны батальён і кавалерыйскі дывізіён) пад камандаваннем П.Вяршыгары нанеслі ўдар па ахове шашы Масква-Варшава ў раёне Сіняўкі.

У выніку атакі ахова магістралі была знішчана. Паводле партызанскіх справаздач, праціўнік страціў больш за 60 салдат, 5 аўтамашын, 2 матацыклы і некалькі падвод з грузам.

20.05.2014
Рашэннем Клецкага райвыканкама была закрыта Шчэпіцкая СШ.

Частка вучняў перайшла ў Клецкую СШ № 2 і Даматканавіцкую СШ.

21.05.1869
У в. Ёдчыцы нарадзіўся Канстанцін Валасовіч, прыродазнаўца, географ, гелог, хімік. За ўдзел у рэвалюцыйным руху быў высланы ў Архангельскую губернію, дзе разгарнуў шырокую навукова-даследчую дзейнасць.

Склаў геолага-геаграфічную карту Новасібірскіх астравоў, апрацаваў геалагічныя калекцыі сабраныя Рускай палярнай экспедыцыяй. Яго імём названы мыс на паўночна-усходнім узбярэжжы вострава Кастрычніцкай рэвалюцыі архіпелага Паўночная Зямля. Загінуў у 1910 г. у чыгуначнай катастрофе на станцыі Бяспалаўка пад Харкавам.

20.04.1924
У Клецку нарадзіўся Хасень Александровіч, хімік, доктар хімічных навук, прафесар, аўтар 4 манаграфій, 145 аўтарскіх тэхнічных распрацовак.

З пачатку 1990-х гг. – актыўны ўдзельнік адраджэння татарскай культуры на Беларусі. Аўтар кнігі “Память”, прысвечанай гісторыі татарскай грамады Клецка і даследвання “Белорусско-польские татары на перекрёстках ХХ столетия”, напісанага пераважна па матэрыялах Клеччыны.

01.03.1939
У в. Межная Слабада нарадзіўся Яўген Канапля,  беларускі радыебіёлаг і біяхімік, прафесар медыцыны.  

 У 1987—2009 гг. дырэктар Інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – галоўнай навуковай установы па вывучэнні праблем Чарнобыльскай катастрофы. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. з 1986), доктар медыцынскіх навук (1976), прафесар (1984). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2004).  Памёр 14.02.2010 г. у Гомелі.

26.03.1939
Нарадзіўся Алешка Вячаслаў Іосіфавіч

“Ён быў гаспадаром – не па пасадзе, а па сутнасці сваёй. Ён бачыў далёка не таму, што глядзеў паверх галоў, а таму, што быў высокага росту – у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Летуценнік, абсалютна пазбаўлены беспадстаўнага фантазёрства, чалавек, здольны ажыццявіць самы нерэальны праект, бо абапіраўся на зусім рэальныя лічбы і разлікі, а галоўнае – на рэальных, надзейных, такіх жа шчырых і разумных людзей, як сам. Ён быў непрадказальны і загадкавы, як прышэлец. Ён быў – Алешка.”
Такія цудоўныя словы прысвяціла Вячаславу Іосіфавічу наша зямлячка, паэтэса Лілія Віктараўна Мялешка.
Нарадзіўся В.І.Алешка ў 1939г. на Случчыне. Пасля Амговіцкай школы скончыў сельгасакадэмію ў Горках, служыў у Эстоніі, працаваў у камсамольскіх і партыйных органах. З 1973 па 1983гг – першы сакратар Клецкага райкама партыі. За гэтыя 10 гадоў ён зрабіў вялікі крок наперад у развіцці розных галін у Клецкім раёне. Ён выпрацаваў свой непаўторны стыль кіравання, умеў “заразіць” ідэяй і павесці за сабой – ад мары да ажыццяўлення. Нездарма яго праца адзначана вышэйшымі ўзнагародамі – ордэнам Леніна і “Знакам Пашаны”.
Па выхадных, у турыстычных паходах Вячаслаў Алешка ніколі не разлучаўся з фотаапаратам і фотаружжом. У выніку выдаў 7 кніг пра прыроду роднай Беларусі, першая з якіх выйшла ў 1977г:
“З любоўю да прыроды”
“Покліч родных сцежак”
“Стратэгія пошуку”
“Мясціны запаведныя”
“Спатканне з лесам”
“Адзін на адзін з прыродай”
“Беларусь запаведная”
Апошнія фотаальбомы прынеслі аўтару славу фотамайстра, які глыбока і паэтычна паказаў прыгажосць і багацце роднага краю. У 1983г. В.І.Алешка быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні дзяржкамітэта па прыродных рэсурсах і ахове асяроддзя.
Вячаслаў Іосіфавіч пакінуў адметны след на Клеччыне: стэлы ў цэнтры горада, зона адпачынку за гарадскім валам, дзіцячы летні лагер “Нача”, узаконеныя помнікі прыроды – гэта менавіта яго ідэі, рэалізаваныя праекты. А Клеччына засталася ў яго кнігах, напоўненых паэзіяй і хараством. Персанальныя выставы В.І.Алешкі праходзілі ў Мінску, Полацку, Слуцку, Салігорску, Брэсце, Гародні, Вільнюсе і мелі вялікі поспех.

30.03.1949
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было прысвоена званне “Герой Сацыялістычнай Працы”…

звеннявым малочнага саўгаса “Чырвоная Зорка” Клецкага раёна Дубіне Уладзіміру Васільевічу, Мацейку Уладзіміру Пятровічу, Новіку Васілю Лук’янавічу.

14.02.1919
Пачала выдавацца першая клецкая газета “Батрак”.(Націсніце, каб прагледзець падрабязней)

14 лютага 1919 г. у мясцовай друкарні выйшаў першы нумар газеты “Батрак” – органа Клецкай валасной арганізацыі  КП(б)Б, які павінен быў адлюстроўваць “думкі і помыслы нашага беларускага селяніна”. За кароткі час выданне здабыло папулярнасць не толькі на Клеччыне, але і ў сумежных рэгіёнах. У красавіку было вырашана аб’яднаць яго са слуцкай газетай “Молат і Плуг”, пасля чаго звесткі пра “Батрака” губляюцца. На сённяшні дзень не захавалася ніводнага нумара газеты.

03.01.1969
У г. Клецку нарадзіўся Апанасевіч Ігар Алегавіч, старшы матрос, рулявы-сігнальшчык АПЛ “Камсамолец”.
Узяты морам 7 красавіка 1989 г. Падчас аварыі на падводнай лодцы “Камсамолец” Ігар дапамагаў эвакуяваць атручаных угарным газам. Прымаў удзел у пошуку месца працечкі ўгарнага газу. Атрымаўшы атручванне вокісам вугляроду, быў падняты сябрамі на мосцік, але выратаваць старшага матроса Ігара Апанасевіча так і не ўдалося. За мужнасць і самаахвярныя дзеянні, праяўленыя пры выкананні вайсковага абавязку, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР Указам ад 12 траўня 1989 года ўзнагародзіў старшага матроса Апанасевіча Ігара Алегавіча ордэнам Чырвонага Сцяга пасмяротна. Ігар Апанасевіч узнагароджаны ганаровым знакам УЛКСМ, навечна занесены ў Кнігу гонару Цэнтральнага Камітэта УЛКСМ.

10.01.1929
У в. Межная Слабада нарадзіўся Міхась Яраш, навуковец-філолаг, даследчык творчасці Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук (1958), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1980).  

Скончыў Клецкую рускую сярэднюю школу (1948), філфак БДУ (1953). З 1956 г. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Друкаваўся з 1955 г. Даследаваў праблемы развіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры. Аўтар прац «Драматургія Янкі Купалы» (1959), «Міхась Чарот» (1963), «Янка Купала і беларуская паэзія» (1971). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т.1-2, 1964–1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Гісторыі савецкай шматнацыянальнай літаратуры» (М., 1972, т.4), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977), манаграфіі «Беларуская савецкая лірыка» (1979, у сааўт. з В.Бечыкам). Памёр 10 ліпеня 1987 г.

15.01.1934
У Клецку нарадзіўся Якуб Александровіч, эканаміст, доктар эканамічных навук (1990), прафесар, аўтар 130 навуковых прац, у тым ліку чаторых манаграфій.

Адзін з удзельнікаў распрацоўкі “Праграмы пераходу БССР да рыначнай эканомікі”, “Комплексанага прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2010 г.” і шэрага іншых распрацовак.

31.01.1949
У в. Вялікі Карацк Клецкага раёна нарадзіўся Будавей Міхаіл Сямёнавіч, беларускі мастак. Сябра саюза мастакоў Беларусі з 1985 года.

Сябра саюза мастакоў Германіі з 2002 года. Творы знаходзяцца ў музеях Беларусі, у тым ліку у НАцыянальным мастацкім музеі, у прыватнай калекцыі – краінах Еўропы і Амерыкі. Ладзіць персанальныя выставы ў Беларусі і за мяжой. Выкладчык у інстытуце сучасных ведаў імя А.Шырокава на кафедры дызайна.

22.12.1888
Нарадзіўся Лявон Радзівіл XVII нясвіжскі і  XV клецкі ардынат.

Пасля заканчэння Імператарскага Пажаскага корпуса ў Санкт-Пецярбургу служыў у Лейб-гвардыі Прэабражэнскім палку. Падчас Першай сусветнай вайны – у Генеральным штабе расійскай арміі. Лявон пазбягаў удзелу ў палітычным жыцці, пераважна  займаўся гаспадарчымі справамі. Захапляўся паляваннем і жывапісам (сам няблага маляваў). У верасні 1939 г. з усталяваннем савецкай улады Лявон быў арыштаваны. Толькі дзякуючы заступніцтву італьянскай каралевы Радзівілы змаглі выехаць у Еўропу. Лявон жыў у Лондане, пасля вайны перабраўся ў Парыж, дзе памёр у красавіку 1959 г.

26.12.1793
У в. Узнога Клецкага раёна нарадзілася Ева Зыгмунтаўна Фялінская (у дзявоцтве Вяндорф). Удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка.

За ўдзел у арганізацыі Ш. Канарскага “Садружнасць польскага народа” была саслана ў Сібір,  адкуль вярнулася ў 1844 г. Літаратурная дзейнасць Фялінскай пачалася толькі ў 1843 г. Акрамя некалькіх аповесцей, добра вядомых у свой час, яна напісала цікавыя “Успаміны з падарожжа па Сібіры” (Вільна, 1853), якія былі перакладзены на англійскую, французскую і дацкую мову. А таксама “Дзённікі” (Вільна 1860). Апошні твор з’яўляецца вельмі каштоўным па гісторыі звычаяў Літвы і Валыні ў канцы XVIII – пачатку ХІХ стст.

12.11.1823
Нарадзіўся Шпілеўскі Павел Міхайлавіч – беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст і крытык.

Аўтар кнігі “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі”, у якой сабраў цікавыя звесткі з гісторыі гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі, апісанні побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў народа. Усё гэта адносіцца і да тых старонак кнігі, дзе аўтар дзеліцца сваімі багатымі ўражаннямі пра тагачасны Клецк і яго ваколіцы.

16.11.1863
Распараджэннем дырэкцыі Мінскіх народных вучылішч , як сведчыць “Памятная кніжка Віленскай вучэбнай акругі на 1874 год” ў горадзе  Клецку было адкрыта першае народнае вучылішча.

На яго ўтрыманне з дзяржаўнай казны штогод адпускалася 200 рублёў. Навучэнцаў было 70 хлапчукоў. Першым дырэктарам быў настаўнік Канон Філіпавіч  Валодзька, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. З 1897 года дырэктарам прызначаны Іван Панкратовіч.